Аўтарка вядомай "Казкі пра зайку Пятруся" ды многіх іншых
Пераклад Галіны Падлескай

ФЕРМЕРСКАЯ КАЗКА
ДЛЯ
РАЛЬФА І БЭТСІ
Фацэтнае* відовішча - назіраць за кодлай** гусянятак з квахтухай!
Паслухай гісторыю качкі Югасі, якой надакучыла, што жонка фермера не дазваляла ёй выседжваць свае ўласныя яйкі.
_______________________________________________________________________________________________________
*фацэтны - пацешны, камічны
**кодла - сямья жывёл ці птушак
Ейная швагерка, спадарыня Качка Ружана, была вельмі радая пакінуць свае яйкі, каб іх выседжваў нехта іншы — "Мне не стае цярпеньня, каб сядзець у гнязьдзе дваццаць восем дзён. Мяркую, што ў цябе ня больш цярпеньня, чым у мяне, Югася. Ты б іх кінула і яны б астылі. Ты і сама гэта ведаеш!"
"Я вельмі хацела б сама выседжваць свае яйкі; я б іх сама высядзела," кракнула Качка Югася.
Яна спрабавала прыхаваць свае яйкі. Але іх заўсёды знаходзілі і забіралі.
Качка Югася пачала адчуваць бязвыходнасьць. Яна цьвёрда вырашыла зрабіць гняздо па-за фермай.
Адным файным вясновым дзяньком яна выправілася ўздоўж доўгай палявой дарогі, што вяла проста праз узгорак.
На ёй былі шаль і каптурок з брылям.
Калі яна ўзышла на вяршыню ўзгорка, то пабачыла ўдалечыні лес.
Яна падумала, што гэты кут выглядае вельмі прывабна.
Качка Югася ня мела звычкі лётаць. Яна прабегла пару метраў, яе шаль матляўся, і яна падскочыла ў паветра.
Калі яна добра разганялася, то лётала хораша.
Яна дакранулася да вершалінаў дрэваў і ўбачыла адкрытую прастору ўсярэдзіне лесу, дзе дрэвы і хмызьняк былі расчысчаныя.
Югася грувастка прызямлілася, і пачала ўперавалку хадзіць і шукаць зручнае месца для гнязда. Ёй падалося, што сярод пышнага зарасьніку палечніку* стаяў пень.
Аж — яна здрыганулася — на пні сядзеў густоўна апрануты спадар і чытаў газэту.
У яго былі вострыя вушы і пясочнага колеру вусы.
"Кра?" вымавіла Югася, нахіліўшы галаву з каптурком убок — "Кра?"
________________________________________________________________________________________________________
*палечнік - наперстаўка (палявая кветка)
Спадар узьняў свае бровы і з цікаўнасьцю паглядзеў на Югасю —
"Спадарыня, ты заблукала?" сказаў ён. У яго быў вялікі пухнаты хвост, на якім ён сядзеў, таму, што пень быў вільгатнаваты.
Югася падумала, што ён шляхетны і пазорны. Яна патлумачыла яму, што не згубілася, але шукае зручнае сухое месца, каб пабудаваць гняздо.
________________________________________________________________________________________________________
*пазорны - пекны, прыгожы
"Вох! няўжо? сапраўды!" сказаў спадар з пясочнага колеру вусамі і з цікаўнасьцю паглядзеў на Югасю. Ён склаў сваю газэту і паклаў у кішэню *хвалды.
Югася паскардзілася на непатрэбную квахтуху.
"Дапраўды! як цікава! Хацеў бы я пазнаёміцца з гэтай птушкай. Я б навучыў яе не тыкаць носу ў суседскую справу!"
------------------
*хвалда - адна з двух ніжніх частак разразной сьпінкі фрака, мундзера і г.д.
"Але што тычыцца гнязда — гэта вельмі проста: у маёй паветцы* поўны мех пер'я. Не, шаноўная, ты мне ня будзеш там перашкаджаць. Можаш сядзець сабе столькі, сколькі захочаш," сказаў спадар з пухнатым хвастом.
Ён павёў яе да вельмі пустэльнай маркотнага выгляду хаткі, акружанай палечнікам .
Яна была пабудаваная з гальля і дзірвану. Каля коміну там былі дзьве паламаныя балеі адна на адной.
_________________________________________________________________________________________________________
*паветка - дрывотнік (пабудова для захаваньня дроваў)
"Гэта маё летняе жытло. Немагчыма знайсьці маю нару — зімовае жытло — так зручна," сказаў гасьцінны спадар.
Ззаду была лядашчая прыбудова, зробленая са старых скрыняў ад мыла. Спадар расчыніў дзьверы і завёў туды Югасю.
Паветка была амаль што цалкам напоўнена пер'ем — яно амаль задушвала; але было ўтульна і вельмі мякка.
Качка Югася зьдзівілася пабачыць там столькі шмат пер'я. Але вельмі ж было ўтульна, і яна вельмі лёгка зрабіла гняздо.
Калі яна выйшла, то спадар з пясочнага колеру вусамі сядзеў побач на бервяне і чытаў газэту — прынамсі ён яе разгарнуў, але глядзеў ён па над газэтай.
Ён быў такі ветлівы, падавалася, што яму амаль што шкада адпускаць Югасю да хаты на ноч. Ён паабяцаў добра паклапаціцца пра ейнае гняздо, пакуль яна не вернецца на наступны дзень.
Ён сказаў, што вельмі любіць яйкі і качанятак, што для яго будзе гонарам бачыць, што ў ягонай паветцы будзе файнае поўнае гняздо.
Качка Югася прыходзіла туды кожны дзень. Яна адклала дзевяць яек у гняздо. Яны былі зелянавата-белыя і вельмі вялікія. Руды спадар дужа захапляўся імі. Ён пераварочваў іх і падлічваў іх, калі Югасі не было побач.
Нарэшце Югася сказала яму, што на наступны дзень зьбіралася пачаць высіджваць яйкі — "я прынясу мех кукурузы, каб мне не даводзілася адыходзіць ажно пакуль мае качаняткі ня вылупяцца. Яны могуць зьмерзнуць," сказала добрасумленная Югася.
"Пані, малю цябе, не турбуйся пра мех; я забясьпечу цябе аўсом. Але перш чым ты пачнеш цяжкое і нуднае высіджваньне яек, я хачу цябе добра пачаставаць. Давай наладзім для сябе сьвяточную вячэру!
"Ці не магла б ты прынесьці зёлак зь фермерскага гароду, каб згатаваць духмяны амлет? Шалвею і чабору, і мяты і пару цыбулінак, і крыху пятрушкі. Я забясьпечу тук* для амлету," сказаў гасьцінны спадар з вусамі пясочнага колеру.
_________________________________________________________________________________________________________
*тук - таплёнае сала
Качка Югася была прастачына: нават узгадваньне шалвею і цыбулі ня выклікала ў яе аніякага недаверу.
Яна пайшла вакол фермерскага гароду, шчыкала* акраўкі разнастайных зёлак, якімі карысталіся, калі рабілі начынку для печанай качкі.
_______________________________________________________________________________________________________
*шчыкаць - скубаць
І яна павіхляла на кухню, дзе з кашолкі ўзяла дзьве цыбуліны.
У дзьвярох яе сустрэў сабака Колі Кеп, "Што ты робіш з гэтымі цыбулінамі? Куды ты штодня адна ходзіш, Качка Югася?"
Югася вельмі захаплялася гэтым Колі; яна яму ўсё распавяла.
Коллі выслухаў, схіліўшы сваю мудрую галаву набок. Ён ашчэрыўся, калі яна апісала яму ветлівага спадара з вусамі пясочнага колеру.
Ён задаў ёй некалькі пытаньняў пра лес, і пра дакладнае месца хаткі і паветкі.
Потым ён пайшоў некуды ў вёсцы. Ён пайшоў пашукаць двух ангельскіх ганчакоў, якія былі на шпацыры з мясьніком.
Качка Югася пайшла па палявой дарозе ў апошні раз, гэта быў сонечны дзень. Ёй было даволі цяжка несьці жмуткі зёлак і дзьве цыбуліны.
Яна праляцела па-над лесам і прызямлілася акурат насупраць хаткі спадара з пухнатым хвастом.
Ён сядзеў на бервяне, нюхаў паветра і бесперастанку напружанна паглядаў на дарогу. Калі Югася прызямлілася, то ён аж падскочыў.
"Прыходзь у хатку адразу як паглядзіш на свае яйкі. Дай мне зёлкі для амлету. Будзь кемнай!"
Ён быў нечакана рэзкі. Качка Югася ніколі не чула, каб ён так размаўляў.
Яна зьдзівілася і адчувала сябе няёмка.
Пакуль яна была ў сярэдзіне, яна пачула хуткія гукі крокаў за паветкай. Нехта з чорным носам абнюхваў дол дзьвярэй, а потым іх увогуле замкунуў.
Югася вельмі ўстурбавалася.
Яшчэ праз момант яна пачула жахлівы гармідар — брэх, гаўканьне і скавытаньне, лямант і енк.
Ніхто больш ніколі ня бачыў гэтага спадара з лісінымі вусамі.
Вось Кеп адчыніў дзьверы паветкі і выпусьціў Качку Югасю.
Нажаль, шчанюкі ганчакі шпарка кінуліся туды і вокаімгненна зжэрлі ўсе яйкі, яна не пасьпела іх спыніць.
У Кепа было пакусанае вуха, а абодва ганчакі кульгалі.
Качку Югасю давялі да хаты. Яна ўвесь час плакала па тых сваіх яйках.
У чэрвені яна адклала яшчэ некалькі яек, і ёй дазволілі пакінуць іх сабе. Але вылупіліся толькі чатыры качаняткі.
Качка Югася сказала, што гэта з-за яе разтузаных нерваў. Але, папраўдзе, яна ніколі не была добрай сядухай.
КАНЕЦ