Казка пра Трох Мядзьведзяў
Калісьці вельмі даўно жылі тры мядзьведзя. Яны жылі разам у сваёй уласнай хаце ў лесе. Адзін зь іх быў вельмі маленькім мядзьведзем, Мядзьведзіца была сярэдняга памеру, а трэці быў вельмі-вельмі вялікім Мядзьведзем. У кожнага зь іх была свая міса для кашы, маленькая - у Мядзьведзіка, сярэдняя - у Мядзьведзіцы, і вялікая міса - ў Вялікага Мядзьведзя. І ў кожнага зь іх было сваё крэсла: маленькае - у Мядзьведзіка, сярэдняе - у Мядзьведзіцы, і вялікае крэсла - ў Вялікага Мядзьведзя. І ў кожнага зь іх быў свой ложак каб спаць: маленькі - у Мядзьведзіка, сярэдні - у Мядзьведзіцы, і вялікі аграмадны ложак ў Вялікага Мядзьведзя.

Аднойчы ранкам Мядзьведзі зварылі сабе кашу на сьняданак і паклалі ў свае талеркі.
А таму, што каша была вельмі гарачая, яны вырашылі пайсьці на шпацыр, пакуль яна стыла на стале.
Толькі яны адыйшлі ад сваёй хаты, як маленькая дзяўчынка, якую ўсе клікалі Залатавалоска падыйшла да хаты.

Сьпярша яна зазірнула ў вакно, пасьля паглядзела ў дзюрку для ключа. Калі яна пераканалася, што нікога няма дома, яна павярнула ручку дзьвярэй. Дзьверы былі незамкнёныя, бо нашыя Мядзьведзі былі добрымі, нікому не рабілі ніякай шкоды, і мяркавалі, што і ім ніхто ня зробіць шкоды. Залатавалоска адчыніла дзьверы і ўвайшла ў хату.

Яна вельмі ўзрадавалася, калі ўбачыла на стале кашу. Калі б яна была добрай дзяўчынкай, яна б пачакала, калі Мядзьведзі вернуцца да хаты, і тады яны, напэўна, запрасілі б яе да стала. Бо яны былі добрыя Мядзьведзі, можа крыху няўклюдныя, як і ўсе мядзьведзі, але ж заўсёды вельмі гасьцінныя. Але ж каша так смачна пахла, і Залатавалоска вырашыла зараз жа яе пакаштаваць.
Сьпярша яна пакаштавала кашу Вялікага Мядзьведзя, але яна была для яе вельмі гарачай. Затым яна пакаштавала кашу Мядзьведзіцы, і яна была для яе занадта халодная. І тады яна падыйшла да кашы Мядзьведзіка і пакаштавала яе, і яна была ні халодная і ні гарачая, акурат самы раз. І Залатавалоска зьела яе ўсю.
Паеўшы Залатавалоска села ў крэсла Вялікага Мядзьведзя, але яно падалося ёй занадта цьвёрдым. І яна села ў крэсла Мядзьведзіцы, але яно было для яе замягкім. І тады яна села ў крэсла Мядзьведзіка, І яно не было цьвёрдым, не было замягкім, а акурат такім, як трэба. І Залатавалоска зручна ў ім уселася, але раптам сядзеньне крэсла зламалася, і яна звалілася проста на падлогу.
Затым Залатавалоска пайшла на другі паверх у спальны пакой Мядзьведзяў. Сьпярша яна паляжала на ложку Вялікага Мядзьведзя, але ён падаўся ёй завысокім ў галаве. Тады яна лягла ў ложак Мядзьведзіцы, і ён быў ёй завысокі ў нагах. І тады яна лягла ў ложак Мядзьведзіка, і ён быў самы раз у галаве і ў нагах, вельмі ўтульны. Залатавалоска паляжала крыху і моцна заснула.
А Тры Мядзьведзі якраз вырашылі, што іхняя каша ўжо астыла, і вярнуліся дахаты на сьняданак.
А Залатавалоска пакінула лыжку ў місе Вялікага Мядзьведзя.
"Хтосьці еў кашу з маёй місы!"- сказаў Вялікі Мядзьведзь сваім моцным грубым голасам. Мядзьведзіца зазірнула ў сваю місу і таксама ўбачыла там лыжку.
"Хтосьці еў кашу з маёй місы!"- сказала Мядзьведзіца сваім сярэднім голасам. Тут і Маленькі Мядзьведзік зазірнуў у сваю місу і ўбачыў, што там таксама была лыжка, а ўся каша была зьедзеная.
"Хтосьці еў кашу з маёй місы, і зьеў яе ўсю!"- сказаў Мядзьведзік сваім тонкім голасам.
Тут Тры Мядзьведзі зразумелі, што хтосьці быў у іхняй хаце і зьеў сьняданак Маленькага Мядзьведзіка, і вырашылі добра агледзець усё ў хаце.

А Залатавалоска была не распрастала падушку на крэсьле Вялікага Мядзьведзя, калі сядзела ў ім.
"Хтосьці сядзеў у маім крэсьле!"- сказаў Вялікі Мядзьведзь сваім моцным голасам.
Залатавалоска таксама памяла падушку на крэсьле Мядзьведзіцы .
"Хтосьці сядзеў у маім крэсьле!"- сказала Мядзьведзіца сваім сярэднім голасам.
І вы ўсе ведаеце, што Залатавалоска зрабіла з трэцім крэслам.
"Хтосьці сядзеў у маім крэсьле, і зламаў яго!"- сказаў Мядзьведзік сваім тоненькім голасам.
Пасьля гэтага Тры Мядзьведзі вырашылі пайсьці на другі паверх, каб паглядзець што робіцца ў іхным спальным пакоі.

А Залатавалоска пасунула ўбок падушку Вялікага Мядзьведзя.
"Хтосьці ляжаў у маім ложку!"- сказаў Вялікі Мядзьведзь сваім моцным голасам.
Залатавалоска таксама памяла коўдру Мядзьведзіцы.
"Хтосьці ляжаў у маім ложку!"- сказала Мядзьведзіца сваім сярэднім голасам.
Тут і Маленькі Мядзьведзік зірнуў на свой ложак. І ён убачыў там памятую коўдрачку і падушку на каторай ляжала галава Залатавалоскі .
"Хтосьці ляжаў у маім ложку, ды яна і зараз ляжыць у ім!"- сказаў Мядзьведзік сваім тоненькім голасам.
Залатавалоска праз сон чула моцны голас Вялікага Мядзьведзя, сярэдні голас Мядзьведзіцы, але ёй здавалася, што ўсё гэта ёй сьніцца. Але калі яна пачула тонкі голас маленькага Мядзьведзіка, зусім побач яна адразу прачнулася. Яна прыўзьнялася ў ложку і ўбачыла Трох Мядздьведзяў зусім побач. Яна хутка кінулася да вакна, а трэба заўважыць, што вакно было адчынена, бо Тры Мядзьведзі былі вельмі ахайныя, і заўсёды раніцай праветрывалі свой пакой.

Залатавалоска выскачыла праз адчыненае вакно і пабегла прэч так хутка, як толькі магла, і ні разу нават не азірнулася.
Я ня ведаю, што зь ёй сталася, але Тры Мядзьведзі больш ніколі яе ня бачылі.
КАНЕЦ