


Жыла была старая сьвіньня і тры парсючкі. Жылі яны ў нястачы, таму старая сьвіньня выправіла іх у сьвет шукаць лепшай долі.

Першы парсючок сустрэў Чалавека з вязанкай саломы. Парсючок сказаў "Спадар, дай мне, калі ласка, саломы пабудаваць сабе хатку". Чалавек даў яму саломы і Парсючок пабудаваў зь яе хату.

Вось падыходзіць да хаткі воўк, стукае ў дзьверы ды кажа: "Парсючок, Парсючок, пусьці мяне ў хату".
На гэта маленькі парсючок адказаў: "Не, не! Як воўк шчанём будзе і брахаць хвастом будзе, тады я цябе пушчу!"
"Ну тады я набяру паветра , падзьму і развалю тваю хатку."- сказаў воўк. І ён набраў паветра і падзьмуў. І ён зьдзьмуў хатку і зьеў маленькага Парсючка.

Другі Парсючок сустрэў Чалавека з вязанкай хлуду, і сказаў: "Калі ласка, спадар, аддай мне гэты хлуд, каб збудаваць хатку".
Чалавек аддаў яму хлуд і парсючок пабудаваў хатку.
Вось прыйшоў воўк, ды сказаў: "Парсючок, Парсючок, пусьці мяне ў хату".

"Не, не! Як воўк шчанём будзе і брахаць хвастом будзе, тады я цябе пушчу!"
"Ну тады я набяру паветра, падзьму і развалю тваю хатку."- сказаў воўк. І ён набраў паветра і падзьмуў. І зноў набраў паветра і падзьмуў. І зноў. І ён зьдзьмуў хатку і зьеў другога Парсючка.

Трэці Парсючок сустрэў чалавека, які вёз цэглу, і сказаў: ""Калі ласка, спадар, аддай мне гэтую цэглу каб збудаваць хатку". Чалавек аддаў яму цэглу і парсючок пабудаваў зь яе хатку.
І прыйшоў да яго таксама воўк, ды сказаў: "Парсючок, Парсючок, пусьці мяне ў хату".
"Не, не! Як воўк шчанём будзе і брахаць хвастом будзе, тады я цябе пушчу!"

"Ну тады я набяру паветра, падзьму і развалю тваю хатку."- сказаў воўк.
І ён набраў паветра і падзьмуў. І зноў набраў паветра і падзьмуў. І зноў. І зноў... Але ён ня мог зьдзьмуць хатку. Калі ён убачыў, што ў яго нічога не атрымліваецца, ён сказаў: "Парсючок, я ведаю дзе паблізу расьце смачная рэпка".
"Дзе ж?"- запытаўся Парсючок.
"На гародзе каля кузьні. Давай заўтра зранку пойдзем разам ды нарвем рэпкі сабе на абед".
"Добра",- сказаў маленькі Парсючок,- "Я падрыхтуюся да заўтра. Калі ж мы пойдзем?"
"А шостай раніцы".- адказаў воўк.

Наступнага ранку маленькі Парсючок устаў а пятай гадзіне, нарваў сабе рэпы, і вярнуўся да хаты да шостай гадзіны. Хутка зьявіўся воўк і запытаў: "Парсючок, ты ўжо гатовы?"


"Гатовы!"- адказаў маленькі Парсючок,- "Я ўжо накапаў сабе рэпкі і зараз вару сабе цэлы рондаль на абед".
Воўк вельмі раззлаваўся і вырашыў, што ён дабярэцца да маленькага Парсючка нейкім іншым штукарствам.

І ён сказаў: "Парсючок, я ведаю дзе растуць смачныя яблыкі".
"Дзе ж?"- запытаў Парсючок.
"Уздоўж дарогі ў садзе спадарыні малочніцы," - адказаў Воўк.- "Давай заўтра, без падману, сустрэнемся а пятай раніцы, ды разам пойдзем ірваць яблыкі".

Назаўтра маленькі Парсючок прачнуўся а чацьвёртай, падхапіўся і пабег па яблыкі. Ён спадзяваўся вярнуцца да таго як прыйдзе Воўк. Але дарога да саду была ня блізкай, і да таго ж яму давялося залезьці на дрэва. Як раз тады, як ён злазіў з дрэва ён і ўбачыў Ваўка, што ішоў проста да яго. Парсючок вельмі напалохаўся. Воўк падышоў і зьдзіўлена сказаў: "Маленькі Парсючок, ты тут раней за мяне! Ну і як тут яблыкі?"

"Цудоўныя,"- адказаў Парсючок.- "Я табе скіну адзін, лаві!"
Маленькі Парсючок, аднак, кінуў яблык наўмысна вельмі далёка, і пакуль Воўк бег, каб падабраць яго, Парсючок саскочыў з дрэва і пабег дахаты.

Наступнае раніцы Воўк зьявіўся зноўку. "Парсючок,"- сказаў ён,- "сёньня ў мястэчку вялікі кірмаш. Ці ты пойдзеш?"
"Канешне,"- сказаў Парсючок,- "А якой гадзіне ты будзеш гатовы?"
"А трэцяй,"- адказаў Воўк.

Маленькі Парсючок як звычайна выправіўся раней за прызначаны час, дабраўся да кірмашу і набыў там маслабойку.
Аднак па дарозе дахаты ён убачыў Ваўка, што ішоў яму насустрач па дарозе.

Парсючок, ня ведаў што рабіць. Ён проста вырашыў схавацца ў маслабойцы. Аднак тая перакулілася і пакацілася, разам з Парсючком усярэдзіне, ўніз па дарозе са страшэнным грукатам. Воўк так спалохаўся, што кінуўся наўцёкі, і пра кірмаш забыўся.

Воўк прыйшоў да хаткі Маленькага Парсючка і распавеў таму пра вялікую круглую штуковіну, што ледзьве не забіла яго на дарозе.
Маленькі Парсючок засьмяяўся.- "Ха-ха-ха! Гэта ж я цябе напалохаў! Я быў на кірмашы і купіў маслабойку. Калі ж я ўбачыў цябе, залез у яе і пакаціўся з гары."

Воўк быў вельмі раззлаваны і пастанавіў зараз жа зьесьці маленькага Парсючка. Ён вырашыў залезьці ў хату праз комін на страсе.

Калі маленькі Парсючок зразумеў, што Воўк хоча зрабіць, ён пачапіў казан поўны вады і распаліў моцны агонь. Калі ж Парсючок пачуў што Воўк спускаецца ўніз, ён падняў накрыўку, і Воўк бултыхнуўся проста ў кіпель. Тут Ваўку і канец прыйшоў. А маленькі Парсючок жыў у сваёй хатцы доўга і шчасьліва.


КАНЕЦ