КАЗКА ПРА

ЗАЙКУ ВЕНЬЯМІНА

напісала і намалявала

Беатрыкс Поттэр

(Beatrix Potter)

 

Пераклад Галіны Падлескай

 



Адным ранкам маленькі зайчанятка сядзеў на наспе.

Ён натапырыў вушкі і прыслухаўся да гукаў. Цок-цок, цок-цок ехала поні.

Па дарозе ехаў кабрыялет*. Гэта ехаў спадар МакГрэгар. Побач сядзела спадарыня МакГрэгар у сваім найлепшым каптурку.

 

*кабрыялет - лёгкі двуколавы экіпаж з адным канём.



Як толькі яны праехалі, зайчанятка Веньямін выйшаў на дарогу і пабег — з падскокамі і пераскокамі — у госьці да сваякоў, што жылі ў лесе, што цягнуўся за садам спадара МакГрэгара.



У гэтым лесе было поўна зайчых норак. У самай ахайнай норцы, дзе было больш за ўсё пясочку жылі цётка і кузэны Веньяміна - Цмыг-скок, Калмацік, Баўнавы Хвосьцік і Пятрусь..

Шаноўная спадарыня Зайчыха была ля вакна. Каб зарабіць на жыцьцё яна пляла рукавіцы і муфтачкі. Яна таксама гандлявала зёлкамі, размарынавай гарбатай і заячым тытунём (мы называем яго лавандай).



Веньямін не вельмі хацеў пабачыцца са сваёй цёткай.

Ён абыўшоў вакол яліны і амаль што паваліўся на свайго кузэна Пятруся.



Пятрусь адзінока сядзеў. Ён выглядаў жаласна і быў апрануты ў чырвоную баваўняную кішэнную насоўку.



"Пятрусь," шэптам сказаў Веньямін, "дзе твая вопратка?"

Пятрусь адказаў, "На агородным пудзіле спадара МакГрэгара," і ён распавёў як за ім там ганяліся па ўсім гародзе і ён пакінуў там свае чаравічкі і пінжак.

Веньямін прысеў побач з Пятрусём і запэўніў яго, што спадар МакГрэгар паехаў кудысьці на сваёй  кабрыялеце разам са спадарыняй МакГрэгар, яны безумоўна паехалі на цэлы дзень, бо на ёй быў ейны найлепшы каптурок.



Пятрусь сказаў, што спадзяецца, што пойдзе дождж.

У гэты момант пачуўся голас шаноўнай спадарыні Зайчыхі з нары, яна гукала: "Баўнавы Хвосьцік! прынясі яшчэ рамонак!"

Пятрусь сказаў, што яму стала б лепей, каб ён пайшоў пагуляць.



Яны пайшлі, трымаючыся за рукі, і забраліся на пляскатую вяршыню сьцяны, што на ўскрайку леса. Адтуль яны паглядзелі на агарод спадара МакГрэгара. І яны ўбачылі пінжак і чаравічкі Пятруся, якія віселі на пудзіле, а зьверху вісеў стары шатляндскі берэт спадара МакГрэгара.



Веньямін сказаў: "Калі палезем пад брамай, то папсуем вопратку. Трэба забрацца туды па грушы."

Пятрусь паваліўся першым галавой долу, але не пабіўся, бо глебу нядаўна разрыхлілі і яна была зусім мягкая.

Тут пасеялі саляту.



Яны пакінулі пасьля сябе шмат дзіўных маленькіх сьлядоў на ўсёй градцы, асабліва маленькі Веньямін, на якім былі чаравічкі з драўлянымі падэшвамі.



Веньямін сказаў, што першае, што трэба зрабіць - гэта вярнуць рэчы Пятруся, тады яны змогуць скарыстацца насоўкай.

Яны зьнялі іх з пудзіла. Уначы ішоў дождж, таму ў чаравіках была вада, а пінжак сеў.

Веньямін паспрабаваў апрануць шатляндскі берэт, але ён быў яму завялікі.



Затым ён прапанаваў набраць поўную насоўку цыбулі, каб прынесьці яе як маленькі падарунк для сваёй цёткі.

Пятрусь, падаецца, адчуваў сябе не вельмі ўтульна. Увесь час ёму чуліся нейкія гукі.



Веньямін, наадварот, адчуваў сябе зусім як дома і чмякаў салятны ліст. Ён сказаў, што звычайна прыходзіў у гэты агарод разам з бацькам, каб нарваць саляты на нядзельнаю вячэру.

(Звалі тату Веньяміна спадар Трус Веньямін старэйшы.)

Салята, бяссумненна, была вельмі файная.



Пятрусь нічога ня еў.

Ён сказаў, што хоча ісьці да хаты. І вось ён выраніў палову цыбулін.



Маленькі Веньямін сказаў, што яны ня змогуць вярнуцца праз грушу з такім грузам гародніны. Ён павёў да процілеглага канца гарода. Яны пайшлі па дошках уздоўж чырвонай цэглянай сьцяны.

Мышы, што сядзелі на парозе і калолі вішнёвыя костачкі, падміргнулі Пятрусю і Веньяміну.



Вось Пятрусь зноў папусьціў насоўку і згубіў яшчэ некальні цыбулін.



Яны прайшлі сярод кветкавых гаршкоў і рамак і труб. Пятрусь чуў гукі яшчэ горшыя чым калі-небудзь раней. Ягоныя вочы былі такія вялікія, як ледзянец на палачцы, няйначай!

Ён быў на пару крокаў наперадзе свайго кузэна, калі ён раптам спыніўся.



Вось што пабачылі за кутом гэтыя зайчаняткі!

Веньямін зірнуў разок і затым імгненна, ня больш чым за паўхвіліны, схаваўся разам з Пятрусём і цыбуляй пад вялікім кошыкам....



Котка паднялася і пацягнулася і падыйшла і абнюхала кашолку.

Мажліва ёй спадабаўся пах цыбулі!

У любым выпадку, яна ўселася на кашолку.



Яна там сядзела цэлых пяць гадзін.

Я не магу намаляваць табе малюнак Пятруся і Веньяміна пад кашолкай, таму, што там было зусім цёмна і таму, што пах цыбулі быў жахлівы, ад яго ў Пятруся і Веньяміна пацяклі сьлёзы.

Сонца заказілася за лес, надыходзіў вечар, але ўсё ж котка працягвала сядзець на кашолцы.



Раптам пачуўся нейкі лёгкі стукат стук-грук, стук-грук. Са сьцяны пасыпаліся кавалачкі вапны.

Котка паглядзела ўгору і ўбачыла спадара Труса Веньяміна старэйшага, які зь вельмі важным выглядам шпацыраваў па сьцяне верхняга капца.

Ён паліў люльку заячага тытуню і ў руцэ трымаў невялікую папруціну.

Ён шукаў свайго сына.



Спадар Трус ня меў зісім аніякага страху  парад катамі.

Ён скокнуў з такой вышыні, з самага верху сьценкі проста на котку і зьбіў яе з кашолкі, выпіхнуў яе ў цяпліцу, ды яшчэ пры гэтым і выдраў цэлую жменю поўсьці.

Котка занадта напалохалася, каб драпнуць яго ў сваю чаргу.



Калі спадар Трус запіхнуў котку ў цяпліцу, ён замкнуў за ёй дзьверы.

Тады ён вярнуўся да кашолкі, за вушы выцягнуў свайго сына Веньяміна і  ўліў яму бізуна сваім дубцом.

Потым ён выцягнуў свайго пляменьніка Пятруся.



Затым ён узяў насоўку з цыбуляй і пайшоў прэч з гарода.



Прыкладна праз паўгадзіны вярнуўся спадар МакГрэгар. Ён заўважыў дзіўныя рэчы, якія вельмі яго зьбянтэжылі.

Выглядала ўсё так, нібыта нехта хадзіў па гародзе ў чаравіках з драўлянымі падэшвамі толькі сьляды былі недарэчна малыя!

Ён таксама ня мог зразумець, як котка магла сама сябе замкнуць ў цяпліцы, але дзьверы былі замкнутыя звонку.



Калі Пятрусь вярнуўся да хаты, маці яму ўсё даравала, таму што яна была вельмі шчасьлівая, што ён знайшоў свае чаравічкі і пінжак. Баўнавы Хвосьцік і Пятрусь склалі насоўку, а спадарыня Зайчыха пачапіла цыбуліны на вяроўку і падвесіла іх да столі на кухні разам з зёлкамі і заячым тытунём.


КАНЕЦ